У Лос-Анджэлесе адбыліся новыя сутыкненні паміж паліцыяй і пратэстоўцамі супраць дзеянняў іміграцыйных службаў ЗША. Дональд Трамп накіраваў у горад вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі. Губернатар Каліфорніі абвінаваціў прэзідэнта ЗША ў эскалацыі напружанасці.
Пратэсты і сутыкненні працягваюцца ў Лос-Анджэлесе з пятніцы, калі іміграцыйная паліцыя (ICE) правяла серыю арыштаў нелегальных імігрантаў.
Рэйды справакавалі дэманстрацыі, якія перараслі ў бойкі з паліцыяй. Гэта падштурхнула Дональда Трампа мабілізаваць 2000 салдат Нацыянальнай гвардыі. «Мы бачым небяспеку для нашай краіны і грамадзян. Мы будзем вельмі рашучымі. Мы адновім закон і парадак», — заявіў Трамп.
Учора ў цэнтры Лос-Анджэлеса паліцыя ўжыла слёзатачывы газ і боепрыпасы для стрымлівання натоўпу. Аднак у цэлым натоўп быў мірным. «Я спрабавала пераканаць адміністрацыю не адпраўляць у горад Нацыянальную гвардыю, бо гэта павялічыць хаос. Гэта апошняе, што патрэбна нашаму гораду», — заявіла мэр Лос-Анджэлеса Карэн Бас.
Губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам абвінаваціў адміністрацыю Трампа ў сур'ёзным парушэнні суверэнітэту. Ньюсам сцвярджае, што Трамп наўмысна распальвае напружанасць і спрабуе стварыць канфлікт.
ПР/юл